Дэлегацыя Паўночнай Рады сустрэлася з лідэрамі АДС
13 января 2009 г.12 студзеня увечары ў беларускай сталіцы прайшла сустрэча лідэраў Аб’яднаных дэмакратычных сілаў з дэлегацыяй Паўночнай Рады, у складзе якой былі парламентары са Швецыі, Фінляндыі і некаторых іншых краін Паўночнай Еўропы.
Як адзначыў у інтэрв’ю Deutsche Welle першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, гэта ўжо традыцыйны візіт у Беларусь дэлегацыі Паўночнай Рады, якая звычайна праводзіць сустрэчы з апазіцыяй і чальцамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Дэлегацыю, якая складаецца ў шасці чалавек, ачольвае нарвежскі парламентар Дакфін Хёйбротэн. Па словах Вінцука Вячоркі, на сустрэчы абмяркоўвалася, у першую чаргу, сітуацыя пад час так званага выпрабавальнага перыяду, новая палітыка Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі, а таксама фармат далейшых супольных дзеянняў. Пры гэтым палітык падкрэсліў, што Паўночная Рада – гэта не зусім Еўрапейскі Звяз, бо ў яе ўваходзяць Нарвегія і Ісландыя, якія не ёсць сябрамі Еўразвязу.
Каштоўнасная аснова
Вінцук Вячорка паведаміў, што прадстаўнікі Паўночнай Рады прапанавалі правесці 23-24 сакавіка ў Вільнюсе “круглы стол”, прысвечаны пытанням навакольнага асяроддзя і энергетыкі, але на гэты раз у кантэксце глабальнага фінансава-эканамічнага крызісу. “На маю думку, гэта дазволіць гаварыць і на палітычныя пытанні, - адзначыў першы намеснік старшыні Партыі БНФ. – Мы пагадзіліся, што еўрапейская цывілізацыйная прастора мае каштоўнасную аснову, а не прагматычна-гандлёвую, што на такой каштоўнаснай аснове павінны рабіцца любыя захады стасоўна Беларусі з боку еўрапейскіх і міжнародных структур”.
Па словах Вінцука Вячоркі, прадстаўнікі АДС звярнуліся да гастей з просьбай абавязкова задаць афіцыйнаму беларускаму боку пытанні пра гатоўнасць Палаты прадстаўнікоў уносіць заканадаўчыя змены ў Выбарчы кодэкс, медыйнае заканадаўства, Крымінальны кодэкс і так далей з тым, “каб рабіць рэальныя зрухі, а не займацца дэкаратыўным красамоўем”.
“Мы перадалі дэлегацыі Паўночнай Рады пакет крытэрыяў, яны ж заканадаўчыя прапановы Аб’яднаных дэмакратычных сілаў”, - паведаміў палітык. (гк)