Дзень Волі: як склаўся лёс нашчадкаў прэм'ер-міністра БНР
25 марта 2025 г.25 сакавіка беларуская грамадскасць адзначае Дзень Волі - гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). "Заўсёды 25 сакавіка тата мяне вадзіў на месца пакарання Каліноўскага - на Лукішскі пляц. Мы неслі туды бел-чырвона-белыя кветкі. Калі ў Беларусі яшчэ ніхто не святкаваў, я ведала, што гэта важны дзень для беларусаў", - расказвае Алеся Луцкевіч, унучка аднаго з заснавальнікаў, прэм'ер-міністра і міністра замежных спраў БНР Антона Луцкевіча.
Яна жыве ў Вільнюсе, працуе педагогам-дэфектолагам, а таксама захоўвае сямейны архіў. DW пагутарыла з Алесяй пра знакамітага дзеда, БНР і сучасную Беларусь.
Займаў пасады прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў БНР
Адзін з айцоў-заснавальнікаў БНР паходзіў са шляхецкай сям'і, вывучаў фізіку і права. Напачатку 20-га стагоддзя Антон Луцкевіч спрычыніўся да стварэння Беларускай рэвалюцыйнай грамады (пазней - Беларуская сацыялістычная грамада), выдання газет "Наша доля", "Наша ніва", "Гоман".
Менавіта Луцкевіч стаў аўтарам праекта Трэцяй Устаўной граматы, паводле якой 25 сакавіка 1918 года Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчаная незалежнай дзяржавай. Займаў пасады прэм'ер-міністра і міністра замежных спраў БНР. Склаў свае паўнамоцтвы 28 лютага 1920 года.
У тым жа 1920-м у Антона нарадзіўся сын Юрка - бацька Алесі, праз два гады - Лявон. У міжваенны час Луцкевічы жылі ў Вільні, Антон выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі, быў рэдактарам адноўленай "Нашай Нівы", стваральнікам Беларускага музею, які назваў у гонар свайго памерлага брата і паплечніка Івана Луцкевіча. Экспазіцыю складала калекцыя прадметаў беларускай даўніны, якую Іван збіраў усё жыццё.
Алеся расказвае, што яе бацька ўспамінаў віленскае дзяцінства з вялікай цеплынёй: "Ён вельмі шанаваў свайго тату. Рапавядаў, як вучыўся ў беларускай гімназіі, што беларуская мова была ў сям'і абсалютна натуральнай. Былі такія рамантычныя ўспаміны: як маленькім ў музеі Івана Луцкевіча ляжаў на шкуры белага мядзведзя і гуляў з пярсцёнкам Усяслава Чарадзея".
Пасля Другой сусветнай вайны савецкія ўлады расфарміравалі музей, частка экспанатаў трапіла ў Беларусь, частка засталася ў Літве.
"Мы бачылі фота, калі яго арыштавалі і праз некалькі месяцаў. Два розныя чалавекі"
За сваю грамадскую і палітычную дзейнасць Антон Луцкевіч не раз трапляў за краты. Яго арыштоўвалі царскія, бальшавіцкія, польскія ўлады. Апошні раз - 30 верасня 1939 года, пасля ўваходу ў Вільню Чырвонай Арміі.
Бацька Алесі ў той час толькі паступіў у Варшаўскую палітэхніку, і яго забралі ў Войска Польскае. "Мая тэорыя такая: Антон усё ведаў, але не эміграваў, не ўцёк, таму што чакаў сваіх сыноў, - мяркуе Алеся. - Гэта трагічны момант у гісторыі сям'і".
Спачатку Антона Луцкевіча ўтрымлівалі ў Лукішскай турме, потым этапавалі ў Мінск. У 1990-х, пасля адкрыцця архіваў літоўскага КДБ, Алеся разам з братам змаглі пазнаёміцца са справай свайго дзеда. Па яе словах, падчас допытаў, якія звычайна праводзілі па начах, Луцкевіч тлумачыў, што ён ніякі не "антысаветчык", што ён сацыял-дэмакрат і нічога не мае супраць савецкай улады, што хацеў стварыць незалежную беларускую дзяржаву. "Вельмі мучылі людзей. Мы бачылі фота, калі яго арыштавалі і праз некалькі месяцаў. Два розныя чалавекі", - расказвае Алеся.
Антон Луцкевіч памёр ў Саратаўскай вобласці Расіі
Луцкевіча прыгаварылі да 8 гадоў лагераў за "контррэвалюцыйную дзейнасць", стварэнне "Беларускага нацыянальнага цэнтра" і "ўрада буржуазнай Беларусі". Па тых часах гэта быў "мяккі" прысуд.
Пра яго далейшы лёс сям'я доўгі час нічога не ведала, лічылі, што ён загінуў у хуткім часе пасля арышту, яшчэ да вайны. Але з архіўных дакументаў Алеся даведалася, што Антон Луцкевіч памёр у 1942 годзе падчас этапаванння ў перасыльным горадзе Аткарску Саратаўскай вобласці ад сардэчнай недастатковасці. Пахаваны Луцкевіч быў там жа, на мясцовых могілках. "Мы ніколі там не былі. Я, шчыра кажучы, думаю, што немагчыма знайсці яго пахаванне", - кажа Алеся.
Антон Луцкевіч быў рэабілітаваны ў 1989 годзе. Між тым, у 1991 годзе ў Вільнюс быў перавезены прах Івана Луцкевіча, брата Антона, палітычнага дзеяча, які памёр ад сухотаў у 1919 годзе ў польскім горадзе Закапанэ. На могілках Росы ў літоўскай сталіцы зараз ёсць сімвалічная магіла братоў Луцкевічаў.
Праз сталінскія лагеры прайшлі і сыны Антона Луцкевіча. Іх судзілі "за супрацу з ворагам" - за тое, што падчас вайны былі ў Беларускай краёвай абароне. Юрку і Лявону далі 25 гадоў зняволення, але ў 1950-х яны вызваліліся і вярнуліся ў Літву.
"У мяне застаўся цудоўны ўспамін, як тата чытае мне Янку Маўра"
Алеся нарадзілася, калі яе тату было ўжо далёка за сорак. Па словах суразмоўцы, яна з дзяцінства ведала гісторыю сваё сям'і. Нягледзячы на савецкія часы, гэтую тэму не замоўчвалі, адзінае, бацька прасіў, каб дзеці не абмяркоўвалі яе ў школе.
Луцкевічы размаўлялі на некалькіх мовах, дзецям у тым ліку прывівалі любоў да беларускай: "У мяне застаўся цудоўны ўспамін, як тата чытае мне Янку Маўра".
Сёння ў яе сям'і таксама размаўляюць па-беларуску. Муж Алесі - беларус, а сын "з маленства не ведаў ніякай іншай мовы, апроч беларускай". Доўгі час у іх нават была сядзіба на Валожыншчыне - каб хлопчык бываў на вёсцы, бачыў як жывуць людзі, чуў беларускую гаворку. Дом прадалі, калі сын паехаў вучыцца ў Англію.
На думку Алесі, менавіта мова і ўсведамленне сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці могуць дапамагчы беларусам захавацца і перажыць складаныя часы.
DW таксама спытала ўнучку заснавальніка БНР, калі і пры якіх абставінах, на яе думку, 25 сакавіка можа стаць у Беларусі дзяржаўным святам.
"Ведаеце, у мяне вельмі песімістычны погляд, я баюся, што я гэтага не пабачу, хоць я не такі стары чалавек. Можа быць, нашчадкі мае пабачаць. А пры якіх варунках гэта здарыцца? Напэўна, калі Беларусь будзе вольная. А як гэта адбудзецца, ніхто не ведае, зараз усё ў свеце так хутка мяняецца, што цяжка сабе ўявіць, што будзе праз пяць-дзесяць год. Я вельмі спадзяюся, што гэта будзе", - распавяла Алеся Луцкевіч.