Як Міністэрства культуры кантралюе творцаў
15 апреля 2025 г.Сёння Міністэрства культуры Беларусі не толькі вызначае культурніцкую палітыку краіны, але і вырашае, якая лексіка не павінна гучаць у мастацкіх творах і ці можа той ці іншы чалавек заняць хаця б найніжэйшую пазіцыю ва ўстанове культуры і культурніцкай адукацыі. Пра гэта сведчаць супрацоўнікі дзяржаўных інстытуцыяў і прадстаўнікі творчых колаў, з якімі DW удалося паразмаўляць. Мы распыталі іх пра тое, як Мінкульт кіруе чалавечым патэнцыялам і абыходзіцца з нелаяльнымі.
Узгадняецца ўся каманда
Калі дзяржаўны тэатр плануе новую пастаноўку, узгадняецца ўся каманда - рэжысёр спектакля, драматург, мастак, кампазітар і, калі ёсць, харэограф. Спачатку кандыдатуры правярае КГБ, а потым само Міністэрства культуры. У аддзеле кадраў Мінкульта для гэтага ёсць адмысловы супрацоўнік - ён правярае асобаў па ўсёй краіне, перадусім кандыдатаў на вакансіі ў дзяржаўных установах. Як кажа наш суразмоўца, "каб людзі, якіх звольнілі з культурніцкай сферы, не знайшлі ў ёй працы нават прыбіральшчыкам".
Калі Міністэрства дае адказ адносна каманды, наступным узгадняецца матэрыял для спектакля. "Мінкульт можа вычытаць яго, раптам у ім штосьці не тое, і зрабіць заўвагі, - расказвае прадстаўнік тэатральнай сферы. - За гэта адказвае экспертная камісія, пасля Міністэрства прыходзіць на здачу спектакля. Здачы ў прысутнасці Мінкульта былі і да 2020 года, але зараз працэс абвастрыўся, пастаноўкі абмяркоўваюцца з ідэалагічнага пункту гледжання ды з пункту гледжання вырашэння сацыяльных праблем, маўляў, пра што твор і як адукоўвае моладзь".
Тэатры працуюць на выкананне планаў - па запланаваных прэм’ерах, продажы квіткоў, запаўняльнасці залаў, гастролях. Да таго ж план працы сферы, у тым ліку працы тэатраў, мінкульт вызначае на штогадовай калегіі. Адна з такіх калегій адбылася напрыканцы мінулага года да прыходу на пасаду новага міністра культуры, якім стаў актор Руслан Чарнецкі.
"Дзяржаўныя тэатры арыентуюцца на дакументы папярэдняга міністра, я не адчуў, каб нешта змянілася з прыходам новага, - працягвае суразмоўца. - Некаторыя з іх, напрыклад, зараз імкнуцца перайсці на новую сістэму фінансавання, якая доўга рыхтавалася: замест суадносінаў бюджэтных і заробленых сродкаў 60 на 40, эксперыментуюць з 50 на 50. Гэта, вядома, уплывае на якасць прадукту, бо 50 адсоткаў на заробак трупе і супрацоўнікам павінен зарабляць сам тэатр, адпаведна падымаецца кошт на білеты, але кошт білетаў таксама рэгулюецца Мінкультам".
Установы не мусяць пры гэтым узгадняць трупу спектакля, але калі гаворка пра прыватныя ініцыятывы, для якіх трэба атрымаць так званыя "гастролькі", то-бок гастрольныя пасведчанні, узгадняюцца кожная асоба і ўвесь матэрыял. "Таму незалежных тэатральных падзеяў амаль няма", - кажа наш суразмоўца.
Ступень лаяльнасці - галоўны тэзіс характарыстыкі
Калі ў музеі ці галерэі арганізуецца выстава, паводле прадстаўніцы мастацкай сферы, з якой нам удалося перамовіцца, таксама ўзгадняюцца і канцэпцыя, і аўтары. "Ведаю, што некаторыя кіраўнікі ўстановаў зараз намагаюцца рэабілітаваць чорныя спісы, але пакуль марна", - кажа мастачка.
Тэндэнцыя ў культурніцкай сферы ідзе хутчэй у адваротны "рэабілітацыі" бок: Аляксандр Лукашэнка прамым тэкстам даручыў новаму міністру Чарнецкаму не шкадаваць творчых людзей, калі ёсць сумневы ў іх добранадзейнасці. Помслівасць міністэрства культуры пацвярджаецца яго дзеяннямі.
"Я на свае вочы бачыў характарыстыку з папярэдняга месца працы, якая перасылаецца наўпрост у адміністрацыю новага месца, куды чалавек намагаецца ўладкавацца. Позірк адразу скіроўваецца на выдзелены тлустым галоўны тэзіс - пра ступень лаяльнасці, - апавядае наш суразмоўца з творчых колаў. - Ніхто нічога не тлумачыць, але мы самі паміж сабой знайшлі кансенсус у тым, што існуе галоўны базавы спіс, у якім усе тыя, хто ў 2020 годзе падпісаўся за "не тых" кандыдатаў. Далей існуюць нейкія падузроўні, бо ў пэўных установах моцнага задушэння няма, і "трохлітарны" можа быць адзін на тысячы супрацоўнікаў".
Наш суразмоўца, гледзячы па ўсім, знаходзіцца ў спісе нелаяльных - ён быў запрошаны як эксперт у адзін з праектаў, але Мінкульт не ўхваліў ягоную кандыдатуру: "Я напісаў сваю частку праграмы, і разам з фота пашпарта менеджар даслаў праект на ўзгадненне. Пасля ён паведаміў, што наконт мяне Мінкульт адмовіў. Для мяне гэта было чакана, я нават сам прапанаваў спраўдзіць маю персону, бо ўжо меў першы званочак. Раней я быў прызначаны на ролю ў адну з дзяржаўных установаў, усё было ўзгоднена, мне абяцалі даслаць расклад працы. Па выніку давялося званіць самому, бо зразумеў, што нешта не тое. Мне сказалі: "Вы што, не ведаеце? Вас не дазволілі!"
Помста нелаяльным дзяржаве
Тыя, каго звольнілі з культурніцкай установы, найверагодней не знойдуць іншую працу ў сферы, нават пасаду нашмат ніжэйшага ўзроўню і кампетэнцый. "Логіка такая, каб чалавек не мог зарабіць ні капейчыны, - тлумачыць нашая суразмоўца са сферы кіно. - Летась адбылася вялікая мінкультаўская чыстка, якая закранула "Беларусьфільм", Акадэмію мастацтваў і Універсітэт культуры, з якога "залпам" выкінулі каля 40 чалавек. Ірына Дрыга з Міністэрства запатрабавала вучэбныя планы і шмат каго там пакрэсліла. Падлічыла ўсе непаслухмянасці".
Выглядае на тое, што Ірына Дрыга, якая сёння кіруе аддзелам па кінематаграфіі Міністэрства, а да гэтага ачольвала Галоўнае ўпраўленне дзяржаўных спецыяльных мерыпрыемстваў і прафесійнага мастацтва, асабіста сочыць за лёсамі "нелаяльных" асобаў, прынамсі некаторых. Лаяльнасць тут мераецца не толькі згодай з дзяржаўнай палітыкай.
"Калі чалавек стаміўся і сышоў з дзяржаўнай пасады сам - так не прынята ў наменклатурных колах. Гэта табе могуць адмовіць, а ты не можаш. Адна такая асоба па выніку знайшла шараговую працу ў сферы культуры, і калі пра гэта даведалася Дрыга, яе выкінулі", - тлумачыць суразмоўца.
Некаторыя выпадкі, паводле нашай суразмоўцы, паказваюць, што справы ў культуры з пункту гледжання прафесіяналаў становяцца настолькі дрэннымі, што часамі Міністэрства культуры ўсё ж вымушана ісці на кампрамісы і дазваляць наймаць спецыялістаў "з хібамі". Такія асобы працуюць выключна паводле гадавых кантрактаў.