Прэм’ер-міністр Літвы: «Мы супраць эканамічных санкцый, палітыка палітыкай, але людзі – гэта людзі»
28 сентября 2006 г.Брусэль даводзіць, што цяперашнія кошты не пакрываюць адміністрацыйных выдаткаў на выраб візы, але літоўцы збіраюцца адстойваць права на шчыльнейшыя адносіны з суседзямі.
Шмат гэта ці мала – 60 еўра за візу на ўезд у суседнюю краіну? На думку літоўскага парламентара, беларуса паводле паходжання Вацлава Станкевіча гэта надта дорага для беларускай кішэні. Паводле дэпутата, гэта не адпавядае ні інтарэсам Літвы, ні Беларусі.
“Мы маем супольную мяжу, маем шмат супольных прадпрыемстваў літоўска-беларускіх, і таму гэта будзе вельмі сур’езны удар і па літоўскай эканоміцы таксама. Але, калі мы будзем ісці такім шляхам і павышаць толькі цэны на візы для сваіх суседзяў, я не думаю, что гэтыя суадносіны будуць лепшыя,” - гаворыць дэпутат літоўскага Сойму Вацлаў Станкевіч.
Камітэт замежных спраў літоўскага парламенту будзе разглядаць магчымыя захады, як супраціўляцца дыктату дырэктывы Еўразвязу, прынятай з падачы Францыі. Дарэчы, для Расеі ў дырэктыве робіцца выключэнне, і захоўваецца амаль удвая ніжэйшы тарыф – 35 еўра за візу. Прадугледжаны і выняткі для краін з так званай еўрапейскай перспектывай. Аднак літоўскае вышэйшае кіраўніцтва гэткай перспектывы адымаць ня хоча і ў сваіх найбліжэйшых суседак:
«і Беларусь, і Украіна, і Калінініград – краі еўрапейскія, і мы проста абавязаныя стасаваць у дачыненні да іх максімальна спрыяльны рэжым. Для развіцця міжчалавечых і эканамічных сувязяў, для зменаў урэшце рэштаў – бо як мы адгародзімся ад Беларусі – то мы толькі закансервуем гэты рэжым. Літоўская пазіцыя вядомая – мы супраць эканамічных санкцый, палітыка палітыкай, але людзі – гэта людзі,» - гаворыць літоўскі прэм’ер-міністр, сацыял-дэмакрат Гедымінас Кіркілас.
Прыкладаць намаганні для прынамсі частковага скасавання Брусэльскай дырэктывы сумесна з польскімі і латыскімі калегамі абяцае і МЗС Літвы. На думку лідара літоўскай дыпламатыі Пятраса Вайцекунаса, адгародзіўшыся ад суседзяў неабсяжнымі коштамі на візы, Еўразвяз даслаў бы ім “вельмі адмоўны цывілізацыйны сігнал”. Таму Літва збіраецца адстойваць сваё права на самастойную візавую палітыку і не дазволіць будаваць уздоўж сваёй мяжы новую жалезную заслону:
«У прынцыпе няправільны падыход рабіць на візах бізнэс – на маю думку, літоўская візавая палітыка танных альбо дармовых візаў для суседзяў правільная, бо мы дасылаем ім вельмі зразумелы, чалавечы сігнал – мы вашыя сябры, мы такія ж як вы, мы чакаем вас, мы падаем вам руку для супрацы».