Алесь Карніенка: “Яны зрабілі ўсё, каб мы хутчэй скончылі сваё знаходжанне ў Рэспубліцы Казахстан”
Якія ў вас склаліся ўражанні ад назірання за прэзідэнтскай кампаніяй у Казахстане?
Па прыездзе ў Казахстан мне спачатку здалося, што там на шмат парадкаў больш дэмакратычныя выбары і варункі для правядзення прэзідэнцкай кампаніі. Пры далейшым прыгляданні да сітуацыі ўдалося заўважыць вельмі шмат прыкметаў няроўных умоваў для кандыдатаў. Тое, што я бачыў, - гэта няроўныя ўмовы перад усім для розных кандыдатаў. Нягледзячы на тое, што ў кандыдата – сённяшняга прэзідэнта Назарбаева - вельмі вялікі рэйтынг, па незалежных ацэнках ён каля 70 %, нават нягледзячы на гэта на месцах аўтарытарная машына ўсё роўна працуе як мае быць, і прытым, што датэрміновага галасавання, як у Беларусі, там няма, ёсць празрыстыя скрыні, - усё роўна голас апазіцыі амаль не чутны на мясцовых тэлеканалах. Ні слова не кажуць пра апазіцыю, але калі ўжо кажуць, то вельмі кепска. І ў мясцовай прэсе я бачыў можа адну-дзьве згадкі за месяц, які я прабыў у Паўночна-Казахстанскай вобласці. Калі на цэнтральных каналах яшчэ можна даведацца, што ёсць яшчэ кандыдаты апроч Назарбаева, то, калі перабываеш у рэгіёне, даведацца пра гэта вельмі складана, калі не карыстаешся Інтэрнетам, калі не ходзіш на офісы апазіцыйных партыяў. Бо толькі там можна дастаць незалежную прэсу – у шапіках яе набыць немагчыма. Ну, і розныя іншыя прыёмы, якімі карыстаюцца аўтарытарныя рэжымы для таго, каб не было чуваць іншага голаса, адрознага ад голаса прадстаўніка ўлады.
Ці звязваецце вы пазбаўленне акрэдытацыі з прынцыповай пазіцыяй, якую занялі назіральнікі вашай місіі?
На момант, калі нас пазбавілі акрэдытацыі, былі акрэдытаваныя толькі тры місіі. Адная місія – АБСЕ, другая - міждзяржаўная місія СНД, і трэцяя – наша,,як некамерцыйнай арганізацыі, якая таксама займаецца назіраннем у краінах СНД. І вось менавіта мы выклікалі найбольшую цікавасць з боку ўладаў, таму што мы рассылалі нашыя прэс-рэлізы і казалі ў іх тое, што мы заўважалі, тое, што бачылі. Мы не прыехалі туды гуляць на баку той ці іншай сілы. А тое, што заўважалі, - перад усім гэта няроўныя ўмовы для правядзення кампаніі ў розных кандыдатаў - пра гэта мы голасна казалі як сродкам масавай інфармацыі ўнутры Казахстану, так і па-за ягонымі межамі. Напэўна, гэта і выклікала незадаволенасць уладаў, якія правялі такую хуткую аперацыю па выдаленні нас з краіны. Нас пазбавілі акрэдытацыі і ўжо на наступны дзень пачалі ўсіх выкідаць з краіны. З кожным сустрэліся паліцэйскія з дэпартаменту міграцыі, і некаторых адразу, у той жа дзень па сустрэчы, некаторым далі двое сутак на тое, каб спакавацца і з’ехаць. І яны зрабілі ўсё, каб мы хутчэй скончылі сваё знаходжанне ў Рэспубліцы Казахстан.
На ваш асабісты погляд, ці магчымая каляровая рэвалюцыя ў Беларусі?
Я думаю, што эпоха гэтых хуткіх і паспяховых каляровых рэвалюцыяў на нейкі час, напэўна, скончылася. Мне падаецца, што на астатняй постсавецкай прасторы, дзе не адбылося зменаў, як у Грузіі ці на Украіне, наступіла пэўная стабілізацыя. Па-першае, рэжымы навучыліся паказваць, што яны працуюць для грамадства, для простага чалавека, паказваць вынікі сваёй працы, і гэта задавальняе вялікую частку грамадстваў. З іншага боку, яны паказваюць усе негатыўныя рысы гэтых рэвалюцыяў і тых наступстваў, якія пайшлі за імі, а гэта незаўсёды адныя толькі поспехі – ёсць шмат аб’ектыўных і суб’ектыўных негатыўных бакоў таго, што потым адбываецца. І таму грамадствы і ў Казахстане, і, мне падаецца, у Беларусі з большага не жадаюць такіх вось зменаў сёння ці заўтра ў нашых краінах. Але, я перакананы, месца для таталітарных рэжымаў, такіх, як лукашэнкаўскі ці такі больш лагодны, як у Казахстане, на сучаснай мапе Еўропы няма, і, можа быць, не ў гэтым годзе, не ў наступным і нават не праз два, але гэтых рэжымаў не будзе. Можа быць, яны зменяцца эвалюцыйным чынам. У Казахстане, я думаю, хутчэй не рэвалюцыйным чынам, а эвалюцыйным. Што тычыцца Беларусі, то, сыходзячы з характара нашага дыктатара і той сістэмы, якую ён збудаваў, а гэта іншая, персаналісцкая дыктатура, то я думаю, тут, канешне, так ці інакш будзе рэвалюцыя. Ну, можа быць, яна будзе зверху.
Што вы маецце на ўвазе?
Мне падаецца, што адна з самых незадаволеных і самых свядомых частак беларускага грамадства – гэта беларускае чынавенства, тыя, хто мае непасрэдныя стасункі з беларускай уладай, з рэальнымі грашыма, з рэальнымі эканамічнымі і палітычнымі працэсамі ў нашай краіне. Яны больш разумеюць, як гэта ўсё функцыянуе, як гэта выглядае не ў статыстыцы, не на беларускім тэлебачанні, а ў рэальным жыцці. Яны сутыкаюцца з найбольшым ціскам і іншымі праявамі нашага дыктатара беларускага. Я думаю, што рана ці позна яны проста самі яго папросяць сысці ў адстаўку. Як гэта будзе выглядаць, - я не бяруся гадаць, але думаю, што гэта адзін з самых найбольш рэальных шляхоў да зменаў у Беларусі.